top of page
Сінтаксіс
Сінтаксіс — раздзел граматыкі, у якім вывучаюцца: 1) спосабы аб’яднання слоў і словаформ у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя; 2) тыпы словазлучэнняў і сказаў паводле іх значэння, функцыі, структуры. Сінтаксіс – гэта і сукупнасць сродкаў і правіл утварэння сінтаксічных адзінак — словазлучэнняў і сказаў.
Асноўнымі адзінкамі сінтаксісу з’яўляюцца словазлучэнне і сказ. Акрамя гэтых адзінак, адзінкамі сінтаксісу, як і марфалогіі, з’яўляюцца слова і форма слова. У адрозненне ад марфалогіі, якая вывучае слова перш за ўсё ў аспекце формаўтварэння, сінтаксіс разглядае словы і формы слоў з боку іх удзелу ў пабудове словазлучэнняў і сказаў. Слова і словаформа — элементарныя адзінкі, з якіх на аснове таго ці іншага віду сувязі ўтвараюцца сінтаксічныя адзінкі — словазлучэнне і сказ.
Словазлучэнне — сінтаксічная адзінка, якая ўтвараецца спалучэннем самастойных слоў на аснове падпарадкавальнай сувязі; галоўным кампанентам словазлучэння з’яўляецца слова, залежным — форма слова: новы дом, чытаць газету, змагацца за мір. Як і слова, словазлучэнне выконвае намінатыўную функцыю і з’яўляецца будаўнічым матэрыялам для сказа, які выкарыстоўваецца ў працэсе моўных зносін.
Сказ — камунікатыўная моўная адзінка, што служыць для паведамлення пра факт рэчаіснасці. Адносіны паведамлення да рэчаіснасці перадаюцца моўнымі срод- камі дзякуючы катэгорыі прэдыкатыўнасці, якая разам з інтанацыяй утварае найболып істотныя прыметы сказа як сінтаксічнай адзінкі.
Словы і словаформы ў словазлучэнні і простым сказе, а таксама часткі складанага сказа звязваюцца асноўнымі відамі сінтаксічнай сувязі — падпарадкавальнай, злучальнай і бяззлучнікавай.
bottom of page