top of page
Састаўныя часткі складанага сказа аб’ядноўваюцца ў адно сінт. цэлае пры дапамозе:
1. злучальных злучнікаў;
2. падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў;
3. інтанацыі.
У залежнасці ад гэтых сродкаў сувязі і сэнсавых адносін паміж часткамі складаныя сказы падзяляюцца на два тыпы:
1. Злучнікавыя складаныя сказы, сярод якіх выдзяляюцца:
а) складаназлучаныя, дзе часткі звязваюцца злучальнымі злучнікамі:
Густа зелянелі ліпы ўздоўж вуліцы, і пах іх блізкага росквіту ўжо прывабліваў пчол.
б) складаназалежныя, у якіх часткі звязваюцца падпарадкавальнымі злучнікамі і злучальнымі словамі – адноснымі займеннікамі і займеннікавымі прыслоўямі:
Трэба спяшацца жыць, каб ніводзін дзень не прапаў дарэмна.
2. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх часткі звязваюцца паміж сабой толькі інтанацыяй і аб’ядноўваюцца паводле сэнсу:
Дакошаны лугі, адшапацела жыта, на сцежкі падаюць пажоўклыя лісты.
У бел. мове часта ўжываюцца складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі:
Калі будуецца краіна, калі на ўздыме ўвесь народ, працуй упарта і няспынна і набліжай ягоны ўзлёт.
Акрамя складаназлучаных, складаназалежных і бяззлучнікавых складаных сказаў, ёсць складаныя сказы, у якіх спалучаюцца два ці тры віды сувязі: злучальная і падпарадкавальная, падпарадкавальная і бяззлучнікавая і г.д. Гэта складаныя сказы з рознымі відамі сувязі:
Зара вясенняя над полем дагарае, і заціхае рокат трактароў, у змроку тоне сцежка палявая, змаўкае хор дзявочых галасоў.
Коска не ставіцца:
1. Калі ў сказе ёсць агульны член, пабочнае слова, мадальная часціца, якія адносяцца да абедзвюх яго частак:
У хвойных лясах густа рос верас і зелянеў ягаднік.
2. Калі сказ складаецца з дзвюх аднатыпных намінатыўных або безасабовых частак:
Сакавітая зеляніна травы і блакітная бель ракі.
Кропка з коскай ставіцца:
Калі сэнсавая сувязь паміж прэдыкатыўнымі часткамі менш цесная або калі ў гэтых частках ёсць свае знакі прыпынку:
І месца тут высокае, пясчанае; на зямлі расце сівы, сухі мох, верас; трапляецца каменне, вялікае і малое; шмат валуноў.
Двукроп’е ставіцца ў наступных выпадках:
1. Другая прэдыкатыўная частка (ці некалькі частак) паказвае прычыну таго, пра што гаворыцца ў першай (можна ўставіць бо, таму што):
Як позна ліпы сёлета цвітуць: было так доўга холадна і хмарна.
2. Другая прэдыкатыўная частка (ці некалькі частак) раскрывае, паясняе, удакладняе першую частку або які-небудзь яе член (можна ўставіць а іменна):
Толькі ўсюды ёй назва адна: кветкай шчасця завецца яна.
3. Другая прэдыкатыўная частка дапаўняе ў першай выказнік, выражаны дзеясловам са значэннем успрымання (адчуў, убачыў, пачуў, заўважыў):
Апейка раптам схамянуўся, заўважыў: за акном было зусім чорна.
Працяжнік ставіцца ў наступных выпадках:
1. Прэдыкатыўныя часткі паказваюць на хуткую змену падзей, другая частка паказвае нечаканы вынік дзеяння, пра якое гаварыцца ў першай:
Раптам бліснула маланка – стала відно, як удзень.
2. Першая прэдыкатыўная частка паказвае час ці ўмову дзеяння, якое адбываецца ў наступнай частцы (частках):
Не аддадуць паны азёр – устане наша Наднарочча.
3. Паміж часткамі супраціўныя ці супрацьпастаўляльныя адносіны:
Сціхла гамонка жалеза – пачалася гамонка людзей.
4. Змест другой часткі параўноўваецца са зместам першай:
Ідзе па вуліцы – лебедзь плыве.
5. Другая частка мае значэнне выніку, вываду, заключэння таго, пра што гаворыцца ў першай:
Сцелюцца валокны, тчэцца павуціна – блізка, блізка восень, смутная часіна.
6. Апошняя частка з’яўляецца абагульняючай у адносінах да некалькіх папярэдніх:
Берагі губляюцца ў смузе і тумане, на іх рассыпаны хаты рыбацкіх пасёлкаў, тоненькія, як запалкі, дымяць трубы кансервавых заводаў – усё здалёк здаецца цацачна маленькім.
Просты сказ — сказ, які мае ў сваім складзе галоўныя члены сказа (дзейнік і выказнік). Просты сказ бывае часткаю складанага сказа.
Складаны сказ – гэта такі сказ, у які ўваходзяць дзве ці некалькі прэдыкатыўныя часткі, аб’яднаныя ў адно граматычнае, сэнсавае і інтанацыйнае цэлае.
bottom of page